Памер шрыфту
A- A+
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Каляровая схема
A A A A
Дадаткова

Беларуская старонка

Люблю свой край, зялёны і спакойны...

Люблю свой край, зялёны і спакойны.
Сіваваронкі дрэмлюць на слупах.
Над хатамі — вясёлыя шпакоўні,
А ў хатах — аржанога хлеба пах.

Усё вакол знаёмае да болю:
Збягаюць незабудкі да вады,
Сядае важна бусел на таполю,
Ад ластавак абвіслі правады.

На ноч сплывае сонца за жытное.
Свой невад туманы павалаклі...
Святое, непрыдуманае, тое,
Чаго не знойдзеш на чужой зямлі...

Такім свой край навек люблю і помню.
I калі згасне сонца у вачах, —
Мне будуць сніцца кожны дзень шпакоўні
I аржанога хлеба родны пах...

Г. Бураўкін

Бацькаўшчына

Дагарэў за брамай небакрай,
Месяц паміж воблачкаў плыве.
Выйду зноў, як у мінулы май,
Басанож прайдуся па траве.
Дымная, сцюдзёная раса,
Цёмныя ў траве ад ног сляды.
А такога рослага аўса
Я не бачыў доўгія гады.
Бач, хмызы спляліся, як павець,
Светлякі мігцяць, гараць святлей.
Перад тым як звонка ў лозах пець,
Прачышчае горла салавей.
Лашчыцца трава да босых ног.
З дальніх паплавоў плыве ракой
Ледзь прыкметны сумны халадок —
Подых юні ўходзячай маёй.
Паімчаць за ёю наўздагон? —
Хоць і схопіш — усё адно падман.
Дзе каханне тых мінулых дзён —
Весніх паркаў бэзавы туман?
Нават шкадаванне — дзе яно?
Зноў вясна, і жаль знікае зноў.
(Так губляюць пах перад вясной
Ссохлыя сцябліны палыноў.)
Ціха цмокае у сне рака.
О, як добра, як прыгожа жыць!
Раска, як русалчына луска,
На вадзе ад месяца гарыць.
А вакол травіцы роснай рай
I бярозак белая сям'я.
Мой чароўны беларускі край,
Бацькаўшчына светлая мая!               

Уладзімір Караткевіч


Крыніца
Нам ніколі не памерці
ані ў якім горы, –
з баявой зямлі не сцерці
сінія азёры:
нашу Нарач, нашу Свіцязь,
Вечалле, Асвею...
Партызанскі край, што віцязь,
Нам здабыў надзею.
Нам ніколі не памерці,
Не растаць, як свечкі:
Прападуць азёры ў свеце –
Застануцца рэчкі: наша Ясельда, і Шчара,
І Дняпро, і Нёман...
Беларусь — край светлых чараў –
Кожнаму знаёма.
Нам ніколі не памерці,
Не растаць, як знічкі:
Пасля нас і нашы дзеці
Стануць ля крынічкі –
І Айчынаю прадвесняй
Будуць ганарыцца...
Беларусь — крыніца песні
І любві крыніца!
Сяргей Панізнік 

Выказванні пра Радзіму і беларускую мову
І трэба многа, вельмі многа ездзіць, сябры. Вы маладыя, і, калі будзеце часта жыць «на колах», шмат хадзіць і падарожнічаць, вы паглядзіце многае ў свеце. Але перш за ўсё вам трэба ведаць свой край. Ездзіце. З экскурсіямі, да сваякоў або да сяброў. Вы ўбачыце ўсе канцы нашай мілай, ласкавай няяркай краіны, якая, аднак, зачаруе вас сваёй няўлоўнай прыгажосцю... Будзеце слухаць музыку нашай пявучай мовы і нашы пяшчотныя песні...
І, галоўнае, пазнаеце свой гасцінны, добры, горды і таленавіты народ.

У. Караткевіч

Хто дбае пра грамадскае дабро, інакш кажучы, пра шчасце, асвету і славу краю, хто рады прысвяціць яму самога сябе, аддаць яму ўсе здольнасці, сілы і маёмасць — з’яўляецца сапраўдным грамадзянінам.

Ян Чачот

Зямля для народа, як глеба для дрэва. А літаратура кожнай краіны, яе культура — плён гістарычнага развіцця нацыі (калі ён назапашваецца, а не марнуецца з веку ў век). Бо толькі на роднай раллі пачуваешся, як на камлі.

Язэп Янушкевіч

Выхаванне сваім краем, выхаванне роднай зямлёю, выхаванне дарагімі краявідамі, выхаванне традыцыямі і добрымі (працоўнымі і ратнымі) справамі продкаў — ці не гэта з’яўляецца самым важным ва ўсёй сістэме выхавання?

Янка Сіпакоў

Прызнавацца Радзіме ў сваёй любові да яе трэба ціхім, сціплым і нават крыху сарамлівым голасам — такім, якім прызнаюцца ў сваіх самых цнатлівых і непапраўных пачуццях. Інакш нельга. Інакш яна, Радзіма, падумае, што ты і сам у такое не верыш і крычыш так толькі таму, каб пераканаць у гэтым усіх, а заадно і самога сябе.

Янка Сіпакоў

Краю мой! Твой народ, з якім ты заўсёды і які заўсёды з табою, нязводны. Цябе немагчыма разлучыць з ім, як і яго з табою. Як кару з дрэвам, як птушку з крыламі, як раку з рэчышчам, як траву з зямлёю, так і кожнага з нас нельга разлучыць з Радзімаю.

Янка Сіпакоў

Беражы і ахоўвай залатыя правы нашай роднае мовы.

М. Лужанін


Гістарычныя і археалагічныя помнікі вёскі Княжыцы

 ВЕСКА КНЯЖЫЦЫ
Cама назва сяла паказвае, што яно паўстала на княжыцкіх землях і з'яўлялася ўласнасцю князя. Першыя археалагічныя даследаванні, праведзеныя тут па паданні прафесара Д.Я.Самаквасава ў 1873 году праз Магілёўскі губернскі статыстычны камітэт, выявілі ў Княжыцах і наваколлях сяла гарадзішча ранняга жалезнага стагоддзя і старажытнае пахаванне славянскага племя крывічаў. Вядомы рускі гісторык М.К.Любаўскі лічыў, што ўжо ў першай палове XV ст. Княжыцы ўваходзілі ў склад Мсціслаўскага ўдзельнага княства, але затым былі адабраныя вялікім князем Казімірам (1440-1492гг.) у мсціслаўскага князя Юрыя Лінгвеньевіча за непаслушэнства і сталі прыватным ўладаннем.У 1501 г. другі вялікі князь Літоўскі - Аляксандр Казіміравіч (1942-1506гг.) завітаў Княжыцы сваёй жонцы- вялікай княгіні Алене Іванаўне, дачцэ маскоўскага князя Івана III, "да жывата" ( на час жыцця). Сама Алена сачыла за своечасовай выплатай даніны і выкананнем павіннасцей сялян. У перыяд вайны паміж Вялікім княствам Літоўскім і Маскоўскім княствам 1534-1537 гадоў Княжыцы былі спустошаныя войскамі смаленскага намесніка Васіля Шуйскага. Спусташэнне паўтарылася ў гады Лівонскай вайны (1558-1583г.), калі ўлетку 1581 г. атрад ваявод Івана Грознага здзейсніў рэйд у Падняпроўе. У 1560 г. сяло, цэнтр маёнтка, шляхцецкая ўласнасць. У 1632. заснаваны кармеліцкі кляштар. У 1634г.прыватнае ўладанне, дзейнічаў касцёл. Па першым падзеле Рэчы Паспалітай 1772г. Княжыцы ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі і сталі мястэчкам Магілёўскага павета. У 1785 годзе мястэчка ў складзе маёнтка Галоўчына, 43 двары, 452 жыхары, ўласнасць памешчыка, меўся вадзяны млын.Падчас Айчыннай вайны 1812г. Княжыцы былі занятыя войскамі французскай арміі і ў сяле размясціўся невялікі гарнізон, які ахоўваў Віленскі тракт. У 1848г. сяло, 147 двароў, у Магілёўскім павеце Магілёўскай губерні, меліся драўляная царква, пабудаваны ў 1681г. мураваны касцёл дамініканцаў, які зараз з’яўляецца помнікам архітэктуры барока. Праз сяло праходзіў Віленскі паштовы тракт. У 1861г. 72 двары, 625 жыхароў, дзейнічаў вадзяны млын, з 1879г. – вінакурны завод, у якім у 1884г. была ўстаноўлена паравая машына. Дзейнічалі царква, касцёл, сінагога. У 1861г. адкрыта школа, для якой у 1890г.пабудавана памяшканне. У 1880г. 93 двары, 506 жыхароў, адзін раз у год (1 кастрычніка) праводзіўся кірмаш, а па нядзелях – таржкі. Частка насельніцтва займалася кравецкім, кавальскім і шавецкім промысламі. У 1905г. адкрыта казённая вінная лаўка. Шырокія памеры прыняў выраб ільняной пражы і пянькі, ткацтва. Невялікія зямельныя надзелы, малая колькасць жывёлы і непасільныя падаткі прымушалі сялян займацца адходным промыслам – часцей за ўсё лесанарыхтоўкамі На базе дарэвалюцыйнай адкрыта ў 1919г. працоўная школа 1-ай ступені. З-за матэрыяльных цяжкасцей былі перабоі ў яе рабоце і нават некаторы час яна не дзейнічала. У 1923 г. камсамольцы звярнуліся да Н.К.Крупскай з просьбай дапамагчы адкрыць школу. Просьба была падтрымана і восенню 1924г.школа аднавіла сваю працу. У 1924г. адкрыты бібліятэка, урачэбная амбулаторыя, хата-чытальня, у 1925г. – народны дом. У 1925г. у школе, якая насіла імя М.В.Гогаля, быў 141 вучань, у іх ліку 26 піянераў. У 1923-1930-ых гг.пры школе дзейнічаў гурток па ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослых. У 1925г.створана кустарна-прамысловая арцель “Адраджэнне”, дзейнічала крэдытнае таварыства. У в.Княжыцы ў 1912 г. ў сям'і беднага краўца нарадзіўся будучы кінарэжысёр Іосіф Абрамовіч Шульман. Ім знятыя фільмы "Чужое імя", "Криницы", "Чалавек не здаецца"і інш. 1 лютага 1914 года ў в.Нізкая Вуліца, непадалёк ад Княжыц, нарадзіўся Павел Васілевіч Масленікаў. Тут прайшлі дзіцячыя гады мастака. Родная зямля прыцягвала да сабе майстра ўсё жыццё. Ім напісаныя карціны "Княжыцкі касцёл", "Жыта ў ракі", "Над палямі" і інш. Прыгажосць роднай зямлі кранула сэрца яшчэ аднаго творцы, выхадца в.Княжыцы, паэта Васіля Матевушава(1915 -1974г). 29 студзеня 1923г. у сям’і селяніна у вёсцы Княжыцы нарадзіўся Камароў Уладзімір Сямёнавіч – вядомы беларускі хімік, акадэмік АН Беларусі.

Археалагічныя помнікі вёскі Княжыцы

Курганны могільнік крывічоў X – XI ст.
Знаходзіўся на правым беразе р. Лахва (1 км), у 0,2 км на поўдзень убок ад вёскі, у полі. Згодна звестак 1873 г. тут знаходзілася 60 курганоў, якія потым былі распаханыя. У 1964 г. Т.Д. Елісеева правяла раскопкі аднаго з трох курганоў, якія захаваліся да таго часу. Ён меў 1,5 м у вышыню, дыяметр 11 м, які быў часткова парушаны кладашукальніцкай ямінай. Была знойдзена бронзавая фібула ў выглядзе падковы з спіральна загнутымі канцамі, трохвугольная ў сячэнні з язычком для зашчэпкі.Ад мясцовага насельніцтва даволі часта можна чуць, што курганы – гэта “шведскія” або “французскія” магілы. Гэта – цікавае мясцовае паданне. Цяпер помнік поўнасцю знішчаны.
Гарадзішча ранняга жалезнага веку
Было размешчана на левым беразе Лахвы, паміж Нізкай і Горнай вуліцамі в. Княжыцы ў 0,3 км на паўночны усход ад касцёла, ў 0,7 км ад шасэ Мінск-Магілёў, у 0,3 км на захад ад сельскіх могілак. Мясцовая назва гарадзішча – “Гарадок”.
Пляцоўка авальнай формы памерам 15-22 м. Вышыня над узроўнем ракі 5 м, абаронена падковападобным валам вышынёй 0,5-1,5 м, шырынёй 3-5 м.
Гарадзішча задзернавана, паўднёва-усходняя частка разбурана кар’ерам. На пляцоўцы шмат гаспадарчых ямін.

Яўрэйскія могілкі
Да вайны 1941-1945 гадоў Княжыцы былі мястэчкам. Слова "мястэчка" паходзіць ад польскага слова "място", што азначае "горад"; "мястэчка", адпаведна, – "маленькі гарадок".У 80-х гадах ХIХ ст. найбольш распаўсюджаным рамяством тут быў выраб ільняной пражы і пянькі, ткацтва.
Усяго да рэвалюцыі тут налічвалася 15 гандлёвых лавак, якія належылі ў асноўным яўрэям. На тэрыторыі Княжыц існаваў яўрэйскі малітоўны дом (сінагога), а таксама асобныя яўрэйскія могілкі.Падчас Вялікай Айчыннай вайны было расстраляна амаль усё яўрэйскае насельніцтва Княжыц, знішчаны сінагога і гандлёвыя лаўкі. Ад яўрэйскіх могілак засталіся толькі рэшткі агароджы і фрагмент надмагільнай пліты з надпісам на іўрыце.


КНЯЖЫЦКІ КАСЦЁЛ ДАМІНІКАНЦАЎ
Сярод пэўнай стылявой аднастайнасці дамініканскіх святынь паўночна-усходняга рэгіёна сваёй непаўторнасцю вылучаецца касцёл гэтага ордэна у вёсцы Княжыцы пад Магілёвам. Кляштар дамініканцаў быў заснаваны тут у лютым 1681 г. па фундацыі ўладальніка мястэчка харунжага ВКЛ Канстанціна Паца.Першы касцёл быў драўляны. У XVIII ст. кляштар атрымаў значныя ахвяраванні ад нашчадкаў першага фундатара і шляхцічаў Крукоўскіх. Пасля 1750 г. пачалося будаўніцтва мураванага касцёла, які быў асвечаны ў 1780 г. у гонар св. Антонія Магілёўскім архібіскупам С. Богуш-Сестранцэвічам. Будаўніцтва кляштара завяршылася ў 1791г. У 1832 г. кляштар быў скасаваны, касцёл у 1863 г. закрыты, да 1872 г. рэканструяваны пад праваслаўную царкву св. Аляксандра Неўскага. Над ім надбудавалі несапраўдны купал на сяродкрыжжы і тры купалкі с цыбуляпадобнымі галоўкамі на галоўным фасадзе. У 30-я гг. XX ст. царква была зачынена ўладамі, а 12 жніўня 1964 г. выкананне рэлігійных абрадаў было спынена. На працягу XX ст. выдатны помнік беларускага сакральнага лойлідства быў даведзены да амаль поўнага разбурэння, хаця яшчэ ў 1953 г. будынак былога дамініканскага касцёла быў узяты пад ахову дзяржавы як помнік архітэктуры барока XVII ст.
Архітэктоніка Княжыцкага касцёла дамініканцаў надзвычай арыгінальная і самабытная. У адрозненне ад большасці каталіцкіх святынь, дзе сакральная сімволіка крыжа выяўляецца ў верхнім сячэнні збудавання, тут адбываецца цалкам надварот. У плане Княжыцкага касцёла прысутнічае неглыбокі трансепт, размешчаны пасярэдзіне кафалікона, што надае яму выгляд папарна роўнаканцовага крыжа, накшталт тагачасных цэркваў. Уверсе сцены трансепта з дапамогай магутных арак аб’ядноўваюцца ў суцэльны прамавугольны ў плане аб’ём, накрыты агульным двусхільным дахам. Унутры яны трактаваны як невялікія пілоны, на якія абапіраюцца падпружныя аркі не толькі ў папярочным, але і ў падоўжным напрамку, утвараючы такім чынам неглыбокія капліцы па баках трансепта. Цэнтральны нэф перакрыты больш высокім цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі, што ў выніку дазваляе вызначыць архітэктоніку храма як трохнефавую крыжовую псеўдабазіліку. Прамавугольная апсіда прэсбітэрыя, роўнавысокая с цэнтральным нефам, злучаецца з ім крывалінейнымі сценамі, што надае інтэр’еру познебарочны характар. Яшчэ больш выразна ён прагледжваецца ў структуры галоўнага фасада, які вызначаецца надзвычайнай экспрэсіяй, вытанчанасцю прапорцый і маляўнічасцю сілуэта.

ПОМНІКІ ПЕРЫЯДА ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ ВАЙНЫ

Магіла невядомага салдата
Знаходзіцца у в.Княжыцы ў бярэзніку, на ўзгорку, вул. Цэнтральная. У 1944 годзе падчас адступлення нямецкіх войск жыхарка в. Княжыцы Надзея Лелехава знайшла цела высокага светлавалосага салдата, апранутага ў савецкую ваенную форму. Жанчына пахавала памёрлага салдата непадалёк ад свайго дома па вул. Цэнтральнай. Дапамагаў ёй сусед Баранаў Мікалай. Усё сваё жыццё Надзея Лелехава даглядала магілу.

Брацкая магіла
У брацкай магіле, што знаходзіцца ў вясковым скверы, пахаваны 80 савецкіх воінаў, якія загінулі ў баях за вызваленне вёскі.28 чэрвеня 1944 года Княжыцы былі вызвалены. Вызвалялі вёску 199-я і 95-я стралковыя дывізіі 49-ай арміі 2-га Беларускага фронту. Але раніцай 29 чэрвеня 1944 года вораг пачаў моцную контратаку, спрабуючы прарвацца на Мінскую шашу. Бой працягваўся каля двух гадзін. У гэтых баях вызначыўся артылерыйскі дывізіён пад камандаваннем Я.Т. Андрушчанкі, які адрэзаў ворагу шлях да адступлення. Я.Т.Андрушчанка быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза. Немцы пакінулі на полі боя каля 700 трупаў, 9 "фердынандаў", 80 аўтамашын і адышлі ад Магілёва.


Раздзелы сайта