Яшчэ не пачалася трэцяя чвэрць, а мы ўжо накіраваліся ў новае цікавае падарожжа. Якраз школьныя канікулы і вольны час спрыялі гэтаму.
З групай вучняў нашай ДУА “Княжыцкая сярэдняя школа” мы наведалі музей этнаграфіі, раздзелы якога ўваходзяць у склад Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Е.Р. Раманава.
Раздзел “Зямлі роднай кругаварот”, дзе праходзіла экскурсія, прысвечаны жыццю сялян Магілёўшчыны канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя. Кожная экспазіцыя – гэта не толькі адлюстраванне вясковага быту і працы, а і тых традыцый, абрадаў, якіх прытрымліваліся нашы продкі. Створаныя дыярамы, тэматычныя кампазіцыі музея дапамаглі ўбачыць, як святкавалі калісьці Каляды, Масленіцу, Вялікдзень, Троіцу, Дзяды і іншыя значныя для кожнага жыхара Магілёўшчыны, ды ўсіх беларусаў, святы. Толькі тут, у гэтым музеі, у поўнай меры візуалізаваны народныя сялянскія абрады гукання вясны, зажынкі, агляд борцяў падчас Мядовага Спасу, павязванне наміткі маладой жанчыне пасля вянчання і іншыя. Унікальныя фотаздымкі, аўтэнтычныя прылады працы, прадметы быту, вопратка, прадстаўленая на шматлікіх манекенах, – усё гэта, безумоўна, пераносіла ў іншы час, прыўзнімала завесу мінуўшчыны.
Вучні з цікавасцю ўдзельнічалі ў майстар-класах працы за кроснамі, вырабу сувеніраў. Акрамя таго, яны мелі магчымасць параўнаць экспанаты абласнога этнаграфічнага музея з экспанатамі, якія маюцца ў нашым школьным “Кутку беларускіх рамёстваў і традыцый”.
Самастойна мы разгледзелі экспазіцыі раздзела “Магілёў губернскі”, сфатаграфаваліся на памяць.
Вось такім было наша падарожжа ў мінулае, да нашых продкаў, якія жылі на Магілёўшчыне ў ХІХ, у пачатку ХХ стагоддзях.
Н.І. Чабан, настаўнік ДУА “Княжыцкая СШ”