Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

50-годдзе з дня ўвядзення ў эксплуатацыю сучаснага будынка ДУА"Княжыцкая СШ"

Юбілеі

…І працягваецца гісторыя школы

З лічбай 50 звязана шмат публіцыстычных штампаў: паўвека, салідны ўзрост, пэўны рубеж… А калі 50 гадоў спаўняецца ўстанове, то мы яшчэ дадаем: гэта цэлая гісторыя.

І сапраўды, важная гістарычная падзея адбылася ў сценах дзяржаўнай установы адукацыі “Княжыцкая сярэдняя школа”: тут напрыканцы 2019 года адзначылі 50-годдзе з дня ўвядзення ў эксплуатацыю сучаснага будынка школы.

Юбілей сабраў гасцей з розных куткоў Беларусі. У школьную актавую залу завіталі былыя настаўнікі-ветэраны, выпускнікі розных гадоў і проста сябры. Сучасны калектыў установы сардэчна і шчыра павіншавалі са святам ганаровыя госці: старшыня Княжыцкага сельвыканкама В.А. Палтаран, старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Магілёўскага раёна Л.Л. Дзядкова, галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі Магілёўскага райвыканкама М.У. Чумакоў. Не абмінулі юбілейную падзею і суседзі – з задавальненнем далучыўся да віншаванняў калег дырэктар ДУА “Бракаўскі вучэбна-педагагічны комплекс яслі/сад-школа” А.А. Кускоў. У адрас кіраўніцтва школы, настаўнікаў і вучняў гучалі пажаданні поспехаў, творчых адкрыццяў, новых слаўных старонак у летапісе роднай установы.

Адным з самых прыемных момантаў святочнага мерапрыемства стала ўшанаванне сённяшніх настаўнікаў. Ганаровымі граматамі раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі былі ўзнагароджаны настаўнік пачатковых класаў Ж.В. Губіна і педагог-псіхолаг А.Д. Волкава. Ала Данатаўна атрымала таксама Падзячнае пісьмо Самарскага ўпраўлення Міністэрства адукацыі і навукі Самарскай вобласці за ўдзел у Міжнароднай алімпіядзе “Усё аб усім”.  Дыпломам фіналіста Рэспубліканскага конкурсу метадычных распрацовак “Майстар-клас як эфектыўная форма павышэння прафесійнага майстэрства настаўніка геаграфіі” была адзначана настаўнік геаграфіі М.П. Румянцава.

Гартаючы каляндар асноўных падзей, вядучыя прыгадалі наступныя даты і факты: лістапад 1969 года – уведзены ў эксплуатацыю сучасны будынак школы; 1976 год – на базе школы стаў працаваць вучэбна-вытворчы камбінат; з 1982 па 1991 год – дзейнічаў абласны матэматычны клас, які закончылі 175 вучняў, з іх – 24 медалісты; 2001 год – пры Княжыцкай школе створаны дзіцячы сацыяльны прытулак, у сценах якога за восем гадоў існавання пабыло больш за 200 выхаванцаў; 2007 год – у школе адкрыты спецыялізаваны клас МЧС; у гэтым жа годзе ў ходзе будаўніцтва аграгарадка Княжыцы праведзены рамонт будынка школы з элементамі мадэрнізацыі.

Як бачым, 50 гадоў дзейнасць школы непарыўна звязана з гісторыяй раёна, а яшчэ – з лёсам неабыякавых людзей, якія сэрцам і душой хварэюць за агульную справу. У такі знамянальны дзень нельга было не ўспомніць былых дырэктараў Княжыцкай школы, якія не проста кіравалі даверанай ім установай, а шчыра і аддана клапаціліся пра яе сучасны і будучы дзень. Гэта М.К. Емельянаў, Г.П. Філімонаў, А.М. Ярашаў, У.І. Дуброўскі, Л.М. Цецерукоў.

Княжыцкая СШ стала часткай жыцця М.Я. Лонскай (Шкрэдавай), якая была запрошана на юбілей і як выпускніца, і як былы педагог установы. Марыя Ягораўна з цеплынёй і радасцю ўспамінала: у памятную восень 1969 года яна прыйшла ў першы клас толькі што адкрытай школы. Але многім раней новабудоўля была вялікай агульнай справай усіх настаўнікаў і вучняў, якім дагэтуль даводзілася займацца ў старым драўляным будынку (на тым месцы цяпер знаходзіцца мясцовая бальніца). Непасрэднае дачыненне да будаўніцтва мела маці М.Я. Лонскай Ангеліна Антонаўна Мельнікава, у розныя часы дырэктар, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце і настаўнік геаграфіі Княжыцкай сярэдняй школы. Сястры Марыі Ягораўны – Аляксандры Ягораўне Шкрэдавай (Азаронак), у 1960-я гады выдатніцы-дзесяцікласніцы, – пашчасціла закласці першы камень у падмурак сучаснай школы. Вось так гісторыя Княжыцкай школы ўвайшла ў гісторыю цэлай сям’і.

Добрая традыцыя вяртацца ў родную школу і звязваць з ёй свой лёс працягваецца і ў нашы дні. Сёння ў ДУА “Княжыцкая СШ” працуе восем педагогаў – выпускнікоў гэтай установы. Тры тэхнічныя работнікі таксама калісьці вучыліся тут.

Ёсць і яшчэ нямала традыцый у школе. Напрыклад, сустракаць гасцей добрымі песнямі і вершамі. Канцэртная праграма была падрыхтавана не толькі калектывам ДУА “Княжыцкая СШ”. У святочным мерапрыемстве таксама ўдзельнічалі выкладчыкі і вучні ДУА “Княжыцкая дзіцячая школа мастацтваў”, вакальны ансамбль “Мелодыя” ДУА “Бракаўскі вучэбна-педагагічны комплекс яслі/сад-школа”, выпускніца Княжыцкай СШ, а цяпер навучэнка УА “Магілёўскі дзяржаўны коледж мастацтваў” Хрысціна Арышчанка.

На калідоры і ў актавай зале яшчэ нейкі час гучалі размовы: госці дзяліліся ўражаннямі, успамінамі… А школа непрыкметна перагарнула новую старонку ў сваёй гісторыі…

Наталля Чабан,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры

ДУА “Княжыцкая СШ”

Фотоматериалы

  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24

Разделы сайта