Па старонках “Вечара беларускай паэзіі”
У выхаваўчай рабоце нашай школы важнае значэнне надаецца папулярызацыі беларускай мовы і літаратуры. Сярод вучняў праводзяцца разнастайныя мерапрыемствы. Апошняе з іх было прысвечана беларускай паэзіі і адрасавана вучням малодшых і сярэдніх класаў.
“Вечар беларускай паэзіі” праходзіў пад знакам Года малой радзімы і складаўся з некалькіх старонак: “Вершы аб Радзіме”, “Вялікая Айчынная вайна ў творах беларускіх паэтаў”, “Вершы аб мове”, “Пейзажная лірыка”. Юныя чытачы пазнаёміліся з лепшымі лірычнымі творамі айчыннай літаратуры. Прагучалі вершы Максіма Багдановіча, Паўлюка Труса, Анатоля Вярцінскага, Ніла Гілевіча, Эдзі Агняцвет, Петруся Броўкі і іншых паэтаў. А прачыталі іх, пранікнёна, са шчырай цеплынёй і выразнасцю, - вучні 4 класа: Аляксандра Паўлава, Марыя Болбас, Ангеліна Гарыпава; вучні 5 класа: Сцяпан Кавалёў, Ксенія Окалакулак, Дар’я Кажамяка, Паліна Івашкова; вучні 6 класа: Паліна Носікава, Максім Ярмоленка, Надзея Шаўцова, Анжэліка Рысева.
У Год малой радзімы было невыпадковым знаёмства з творчасцю нашага земляка – уражэнца вёскі Княжыцы паэта Васіля Матэвушава. Верш “Бацькаў кут…” прачыталі самыя маленькія ўдзельнікі паэтычнага вечара – вучні 2 класа Каця Тарасенка і Андрэй Макееў.
Вядучымі паэтычнага вечара былі Віялета Сталярова, Анастасія Клешчанок, Паліна Івашкова.